Беларуская Служба

Названыя першыя лаўрэаты прэміі для беларускіх журналістаў у выгнанні

28.06.2024 16:47
Арганізатары прызналі, што спадзяюцца на тое, што прэмію можна будзе даваць не толькі беларускім журналістам у выгнанні.
Лаўрэат прэміі імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні Алена Кавальчук на цырымоніі ўзнагароджанняhttps://www.facebook.com/profile.php?id=100007053429263

27 чэрвеня 2024 года ў Варшаве, у Google for Startups Campus, упершыню была ўручана прэмія імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні. Яна была заснаваная ў канцы 2023 года.

Узнагароду ў намінацыі «Журналісцкае раследванне» атрымаў галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка за матэрыял ««Агент на удаленке». Как Сергей Васильев сбежал от КГБ в Польшу, а потом вернулся и сел на 11 лет».

Лаўрэатам у намінацыі «Будучыя таленты» (для аўтараў да 30 гадоў, якія маюць за плячыма не менш за год працы ў журналістыцы) названая Алена Кавальчук з матэрыялам «Гродно 2023: как репрессии изменили культуру и общество».

Прэмію ў намінацыі «Аналітычная журналістыка» атрымаў Аляксей Марцінкевіч за тэкст «Повлияет ли снятие санкций с беларусских калийных удобрений на мировой голод? Кто продвигает этот нарратив в ООН?».

Падчас цырымоніі ўручэння ўзнагарод арганізатары прызналі, што спадзяюцца на паляпшэнне сітуацыі, і , што прэмію можна будзе даваць не толькі беларускім журналістам у выгнанні, але і незалежным беларускім журналістам увогуле.

Павел Латушка як адзін з членаў журы Прэміі імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні падзякаваў журналістам за прафесіяналізм ва ўмовах знішчэння прынцыпаў свабоды слова з боку рэжыму, а таксама выказаў падзяку за ініцыятыву і падтрымку незалежнай журналістыкі паслу Аўстрыі ў Польшчы Андрэасу Штадлеру, а таксама спонсарам прэміі — кампаніі Strabag SA.

Кшыштаф Міхальскі — польскі філосаф, які адкрыў у Вене ў 1982 годзе Інстытут гуманітарных навук. Менавіта гэты інстытут разам з амбасадай Аўстрыі ў Польшчы заснавалі ў лістападзе 2023 года прэмію імя Кшыштафа Міхальскага. 

Агульны прызавы фонд прэміі складае 30 000 еўра (па 10 000 еўра пераможцу ў кожнай намінацыі). Спонсар узнагароды — аўстрыйская будаўнічая фірма STRABAG SE.

Крыніца: БАЖ